Як нос з усімі пасварыўся
Як нос з усімі пасварыўся
П'еса паводле казкі "Нос"
(Дзейныя асобы: Галава (Г), Вочы (В), Нос (Н), Язык (Я))
Г - Ах, які цудоўны дзень! Вочы, вы толькі паглядзіце, якая прыгажосць!
В (выбягаюць, міргаюць): - Ах-ах, сапраўды, як прыгожа!
Н (буркліва): - Фу! Прыгажосць! Гноем пахне гэтая вашая прыгажосць! Трэба было цягнуцца за 100 кіламетраў, каб гэта нюхаць!
Я – Затое тут ягады смачныя!
Н – І камары! Ты, язык, сядзіш у роце, цябе камары не кусаюць! А я – навідавоку!
Г – Нос, спыні бурчэць! Панюхай лепей кветкі!
Н – Я сам ведаю, што мне нюхаць! Вы мне ўсе абрыдлі!
В – чым жа мы табе абрыдлі?
Н – Вы, вочы, ўвесь час плачаце! Ад гора вы плачаце, ад крыўды вы плачаце, ад шчасця вы плачаце! А слёзы вашыя цякуць у мяне! І мне даводзіцца хлюпаць і шморгаць! Румзы!
В (пачынаюць плакаць) – Ы-ы-ы! нас пакрыўдзілі,,,
Н – Вось, бачылі! Што я казаў?
Я – Ты чаму вочы пакрыўдзіў? Прасі прабачэння!
Н – І ты, Язык, не лепшы! Ясі ўсялякую брыдоту, а я нюхай!
(Язык паказвае язык, Нос паказвае “нос”.)
Г – Перастаньце сварыцца! Вы ж на адным твары жывяце, як можна!
Н – А ты, Галава, мне не ўказвай! Ты наогул мяне прымушаеш савацца не ў свае справы! Учора мяне ледзь дзвярыма не прыціснула! Не, намучыўся я з вамі! Заставайцеся самі, а я пайшоў!
В – Куды ты?
Н – Куды вы і не глядзелі!
(Нос сыходзіць, вочы абдымаюць галаву і плачуць, Язык паказвае язык наўздагон)
Я - Галава, я есці хачу. Што ў нас на абед?
Г – Каша варыцца.
В – Вой, дым! Пажар, пажар!
Г – Гэта каша згарэла на пліце! Нос, чаму ж ты не папярэдзіў, што каша гарыць! А, ён жа сышоў… Ідзі, Язык, паспрабуй, ці можна гэтую кашу есці…
(Язык дзьмухае, спрабуе, плюецца)
Я – Есці немагчыма!
В – Нават глядзець брыдка!
Г – Цяжка нам будзе без Носа!
Нос (уваходзіць, шморгаючы) – Прывітанне!
В – Носік! Вярнуўся! (абдымаюць)
Н – Плакаць не пачынайце!
Я – Дзе ж ты быў?
Н – Пайшоў я на жывот жыць. А там вантробы ў жываце булькочуць цэлы дзень! Перабраўся я на каленку. Дык мяне ледзь не разбілі! Пайшоў я на пятку жыць. А нага ў лужыну наступіла! Зусім прастыў, дыхаць не магу! Давялося на твар вяртацца! Прымеце мяне назад?
В і Я – Прымем! Нам без цябе кепска!
Г – Толькі больш ні з кім не сварыся!
ПРЫГОДЫ ЧОРНАГА, ШЭРАГА І БЕЛАГА
П'еска для маленькага тэатра па матывах апавядання Суцеева "Тры кацяняці"
Дзейныя асобы: мама-котка, шэрае кацяня, белае кацяня, чорнае кацяня, мыш, жабка, рыба.
Мама-котка збіраецца ў госці. Старанна мыецца перад люстэркам.
Ш.К. (выбягае з кулісы)
- Мяў, матуля, ты куды?
М.К. - У госці я, гады ў рады.
Б.К.(выбягае з кулісы, за ім Ч.К.)
- Мяў, матулечка, нядзеля!
Ч.К. – Мы гуляць пайсці хацелі!
М.К. (гладзіць кацянятаў, тыя лашчацца)
- Буду хутка, абяцаю. Вось тады і пагуляем! Вы тут без мяне цішэй, не палохайце мышэй!
(сыходзіць,з кулісы выкатваецца клубок. Кацяняты пачынаюць з ім гуляцца. З іншай кулісы крадком выходзіць Мыш.)
Мыш: - Мама-котка выйшла з хаты. Дома толькі кацяняты. Хай дурэюць, хай гуляюць. Я пад’есці пашукаю.
Б.К. – Вой, глядзіце!
Ш.К. – Гэй, лавіце!
Ч.К. – Даганяйце!
Мыш – Не чапайце!
(Кругамі бегаюць па сцэне. З кулісы высоўваюць скрыню з мукой, нарэшце мыш ускоквае ў скрыню з мукой, за ім кацяняты. Кацяняты за сцэнай крычаць “Трымай, шукай, не выпускай!” Выходзяць у белых накідках.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(Сыходзяць са сцэны. Выскоквае Жабка.)
Жаб – Квах, які цудоўны дзень! Ква-а, а хто гэта ідзе?
(На сцэну выходзяць цугам кацяняты. Жабка па кроку адступае, кацяняты наступаюць. Так праходзяць кола. З кулісы высоўваюць чорны комін.)
Жаб – Ква-а-пабачэння!
(жабка лезе ў комін. Кацяняты на момант спыняюцца перад комінам, зазіраюць туды.)
Б.К. – Перапэцкаемся зноў!
Ш.К. – Можа, лепш пайсці дамоў?
Ч.К. – Ды лезце хутчэй, бо жабка ўцячэ!
(Па адным кацяняты лезуць у комін. З кулісы выскоквае Жабка ў чорным.)
Жаб – Ква-ха-ха, ква-ха-ха! Поўзаюць, шукаюць! А як вылезуць – сябе самі не пазнаюць!
(Жабка скача праз сцэну, з апошнім “ква-ха-ха” знікае ў кулісе. Па адным выходзяць кацяняты ў чорным, аглядаюць сябе, уздыхаюць.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(З кулісы выходзіць рыба, выносіць перад сабой “сажалку” з чаротам абапал.)
Б.К. – Вой, глядзіце!
Ш.К. – Гэй, лавіце!
Ч.К. – Даганяйце!
(Рыба хаваецца ў сажалку, туды ж скачуць кацяняты. Пэўны час выскокваюць з вады па чарзе галовы, адфыркваюцца, пытаюцца “дзе рыба?” , за гэты час скідаюць чорныя хламіды, вылазяць па адным.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – І да ніткі змоклі ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(Ідуць, панурыўшыся, колам па сцэне. Сажалка знікае, выкатваецца клубок. Кацяняты садзяцца вакол клубка на падлогу, кладуцца , пазяхаюць і засынаюць.)
М.К. (выходзіць на сцэну, аглядае кацянятаў)
- Дзеці, мы ідзем гуляць!
К.К. (хорам, прыўзняўшыся з падлогі):
- Мяў, матуля, дай паспаць!